НАРО́ДНЫЯ СТУ́ДЫІ І КЛУ́БЫ ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА,

найвышэйшая форма развіцця аматарскай творчасці ў галіне жывапісу, графікі, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва на Беларусі. Найменне «народны» надаецца студыям і клубам са стабільным складам удзельнікаў, работы якіх маюць высокі маст. ўзровень і рэгулярна экспануюцца на міжнар., рэсп. і абласных маст. выстаўках. На Беларусі студыі існуюць з 1960-х г. пры клубных, навуч. і пазашкольных установах, па месцы жыхарства. Парадак работы студый вызначаецца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Многія студыі і клубы вядуць свой летапіс, маюць эмблему, дэвіз і статут. Дзейнасць клубаў і студый дэкар.-прыкладнога мастацтва накіравана на адраджэнне, захаванне і развіццё традыц. нар. мастацтва, нар. маст. промыслаў і рамёстваў, захаванне традыцый у галіне нар. творчасці. Вядзецца работа па вырабе прадметаў ткацтва, вышыўкі, ганчарства, разьбы па дрэве, саломапляцення, лозапляцення, перапрацоўкі лёну, прапагандуецца традыц. і сучасная нар. творчасць праз арганізацыю выставак, правядзенне экскурсій, удзел у кірмашах і аўкцыёнах. Клубы самадз. мастакоў і студыі выяўл. мастацтва ставяць за мэту выхаванне эстэт. густаў у дзяцей і моладзі, развіццё іх інтэлектуальных і творчых магчымасцей. Яны арганізоўваюць наведванне выставак прафес. мастакоў, творчыя сустрэчы з імі, вывучаюць стылі і кірункі выяўл. мастацтва, творчы і жыццёвы шлях знакамітых мастакоў і інш. На Беларусі (2000) 88 народных клубаў і студый.

М.К.Дэмбоўская.

т. 11, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)